У мінулы ўікенд у Беларусі адбылося адразу некалькі буйных івентаў: музычны фэст LIDBEER у Лідзе, а таксама пікнікі Vulitsa Ezha і Utka Day у Мінску. Як звычайна, не абышлося без нараканняў ад наведвальнікаў. CityDog.io адабраў самыя яскравыя водгукі і фота ўдзельнікаў івентаў – паглядзіце, як беларусы адзначылі апошнія выхадныя лета.
LIDBEER: дождж, рамантыка і перанос выступленняў
Фестываль LIDBEER адгрымеў у Лідзе ў суботу. З беларускіх музыкаў на галоўнай сцэне выступіў фолк-рок-гурт KaS, а таксама бэнд з Мінска Iodo Band. А вось хэдлайнерамі сталі выканаўцы з Расіі: спявачка МакSім і музыка Сяргей Бабунец.
Па падліках, фэст сабраў больш за 100 тысяч чалавек, а да фіналу канцэрта каля галоўнай сцэны адначасова знаходзілася каля 20 тысяч слухачоў.


Фота: @_christina_vv_, Threads.com.
Мяркуючы па водгуках у сацсетках, адным з галоўных мінусаў фестывалю стаў таймінг, які збіўся. Наведвальнікі скардзіліся, што не паспелі паслухаць некаторых выканаўцаў, бо час іх выступленняў перанеслі.
Іншыя негатыўныя водгукі тычыліся «прайму» фэсту – на думку некаторых беларусаў, LIDBEER быў каштоўны, калі там выступалі айчынныя гурты, а не запрошаныя расійскія выканаўцы.


Фота: @vladimirdigital_coach, Threads.com.
«У 2016-м “Бі-2” выступалі на LIDBEER і паабяцалі кожныя 10 гадоў вяртацца. Надышоў 2026-ы, учора на сцэне выступалі расійскія “артысты” MaкSim і zэтнікі Бабунец і Клявер. Сам фестываль “Лідскае піва” робіць неверагодным, і гонар бярэ, што ў маім родным горадзе адбываецца такое. Але ж хочацца падзякаваць і павіншаваць з днём нараджэння Лукашэначку, дзякуючы палітыцы якога часова на лідскай сцэне, як калісьці, не выступаюць Nizkiz, Naviband, Вольскі, “Океан Ельзи”, “Сплін” і вышэйзгаданыя “Бі-2”. Час прыйдзе», – выказаўся карыстальнік пад нікам panznadniomana.
Зрэшты, станоўчымі ўражаннямі ўдзельнікі фэсту таксама актыўна дзяліліся.
«Канцэрт і праўда быў узрушаючым. Дождж+МакSім зрабілі гэты вечар максімальна рамантычным, а “Комната культуры” – шчаслівымі ўсіх, хто, нягледзячы на гадзіны чакання, дачакаліся іх у гадзіну ночы толькі. Гэта было цудоўна», – расказала Кацярына.

Фота: @angelinamyshko, Threads.com.
«Як ні дзіўна, але дождж нам не сапсаваў уражанні. Раздражнялі парасоны наперадзе і вельмі высокія людзі, якім трэба было стаяць бліжэй. КК (група «Комната культуры». – Рэд.) дачакаліся ўжо стомленыя. Раздражненне і злосць ад доўгага чакання нарасталі, але як толькі выйшлі хлопцы, такія мілыя, добрыя, усмешлівыя, – увесь унутраны негатыў прайшоў маментальна. Іх выступленне было шыкоўным завяршэннем свята. МакSім і Сяргей Бабунец вярнулі нас у час бесклапотнага і шчаслівага юнацтва. Мы засталіся задаволены», – падзялілася Лена.


Фота: @vladimirdigital_coach, Threads.com.
«На маю думку, нават у Мінску на Дзень горада няма такога маштабу і колькасці людзей. Шкада, дождж сапсаваў вечар, а ў астатнім вельмі нават класна і атмасферна», – выказаўся Павел.


Фота: @polyaaaaaaaa_, Threads.com.
Utka Day: гіганцкая качка і модныя гараджане
Музычны пікнік Utka Day прайшоў у пятніцу, 29 жніўня. Галоўнай асаблівасцю івента стала тое, што для яго арганізацыі аб’ядналіся тры мінскія пляцоўкі: «Сквер», «Эхо» і «Эхо двор».
Мінчан забаўлялі фуд-кортам, дыджэй-сэтамі і ёгай на адкрытым паветры, а галоўным сімвалам пікніка стала гіганцкая надзіманая качка.


Фота: @kristin.kruglikova, Threads.com.
«Не ведаю, хто дзе ўчора быў, а я была на Utka Day, і гэта было капец як крута! Найкруцейшыя беларускія артысты, якія так разгойдвалі і зараджалі народ. Класная атмасфера і мноства актыўнасцей. Хочацца ў наступным годзе яшчэ», – расказала ў Threads Крысціна.
«Вельмі спадабалася», – дадала іншая наведвальніца.




Фота: @khrrrom, Threads.com.
Vulitsa Ezha: ружовая бульба, недахоп вайбу і апошні ўікенд лета
Гарадскі пікнік Vulitsa Ezha праходзіць у Мінску ўжо даўно – летні сезон фестывалю закрывалі 29 і 30 жніўня ў батанічным садзе. Фармат быў класічным для івента: шмат смачнай і разнастайнай ежы, музыка, кіно пад адкрытым небам і майстар-класы.


Фота: @repetitor_alesya, Threads.com.
Зрэшты, не ўсе засталіся задаволены пікніком.
«Схадзіў сёння на Vulitsa Ezha. І пакуль ішоў назад, злавіў сябе на думцы: “У наступны раз я туды, мусіць, не пайду”. Не тое каб там было дрэнна. Проста няма таго вайбу, які быў раней. Нешта змянілася… А яшчэ бянтэжаць кошты на фуд-корце. Стрыт-ежа быццам бы без вынаходстваў, без асаблівай падачы, а каштуе нятанна. Ведаючы сваю любоў добра паесці, я там пакідаю прыстойную суму. P.S. Уваход, нагадаю, каштуе 35 рублёў. І гэта яшчэ да таго, як ты пачынаеш траціцца ўнутры», – падзяліўся ўражаннямі Алекс.
«“Вуліца Ежа” ўжо даўно без ежы. Калі паглядзець фатаграфіі, паслухаць інтэрв’ю, то філасофія фестывалю адышла. Бясконцыя спонсарскія актыўнасці, плата за ўсё і базавы фастфуд за аверпрайс. Але людзі будуць хадзіць, таму што больш нічога няма», – выказаўся Сяргей.
«Больш не хаджу на VE. Занадта людна, аверпрайс, часта банальна няма дзе прысесці ці схавацца ад сонца», – піша Ірына.

На пікніку ў якасці рэкламы расійскі маркетплейс размаляваў бульбу ў адценне брэнда. Фота: @nash_portal, Threads.com.
Даніла таксама схадзіў на гарадскі пікнік – і зрабіў шмат атмасферных здымкаў. «Вось так правялі апошнія летнія выхадныя!» – дадаў хлопец.




Фота: @danila_gran, Threads.com.
«Апошні выхадны лета правялі на Vulitsa Ezha. Традыцыя з мужам кожны год хадзіць на гэта мерапрыемства», – падзялілася Алеся.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.












