Гайд па Кракаве. Фота: аўтары.

Беларусы выдалі гайд па Кракаве на беларускай мове. Распыталі, навошта яны гэта зрабілі

Гайд па Кракаве. Фота: аўтары.

У ліпені кракаўскі блогер і гід Глеб разам з дызайнеркай Аляксандрай выпусцілі першы друкаваны гайд па Кракаве на беларускай мове. У ім – 44 месцы, інтэрактыўныя заданні і лічбавыя бонусы для тых, хто хоча лепш пазнаёміцца з горадам. CityDog.io пагаварыў з аўтарам пра тое, як нарадзілася ідэя, чаму ў гайдзе няма некаторых знакавых лакацый і ці з’явяцца версіі на іншых мовах.

мы здесь

Як увогуле з’явілася ідэя стварэння гайда?

Ідэя друкаванага гайда з’явілася не адразу. Паводле Глеба, усё пачалося яшчэ ў 2024 годзе, калі для ўдзельнікаў беларускага летняга фестывалю LTCŃ зрабілі PDF-падборку цікавых месцаў у Кракаве. Яе атрымлівалі тыя, хто падтрымліваў фестываль данатамі.

Праца над гэтым праектам настолькі спадабалася Глебу і дызайнерцы Аляксандры, што яны вырашылі калісьці зрабіць паўнавартасны друкаваны гайд. Аднак да рэалізацыі задумы дайшлі толькі напрыканцы 2025 года, калі блог Глеба пачаў актыўна расці і стала зразумела, што праект можа знайсці сваю аўдыторыю.

Першае фота – гайд 2024 года. Другое – гайд 2026 года. Фота: Глеб.

Пакуль гайд існуе толькі на беларускай мове. Але ўжо ў бліжэйшыя месяц-два Глеб плануе выпусціць англамоўную анлайн-версію, адаптаваную для замежнікаў. Польскай версіі не будзе.

«А па-польску я не планую нічога. Прычына простая – гіганцкая канкурэнцыя, у якой я проста згублюся са сваім польскім акцэнтам і няведаннем кантэксту, то бок адсылак, мемаў і т.п. Каб прабіцца па-польску, як я бачу, трэба будзе прыкласці ў 10 разоў больш высілкаў, чым па-англійску», – тлумачыць Глеб.

Чаму ў гайдзе менавіта 44 месцы?

Па словах Глеба, самым складаным падчас працы было не выбраць месцы, а, наадварот, своечасова спыніцца.

Каманда разглядала шмат дадатковых ідэй, але ад часткі з іх давялося адмовіцца, бо яны патрабавалі занадта шмат часу або сродкаў. Напрыклад, спачатку хацелі зрабіць сістэму збору пячатак у кракаўскіх кавярнях, але зразумелі, што гэта ўжо асобны вялікі праект.

Колькасць месцаў вызначалі так: у кожнай катэгорыі хацелі пакінуць прыкладна па 5–8 лакацый. Пры гэтым выбіралі не толькі свае любімыя месцы, але і імкнуліся зрабіць падборку разнастайнай, каб чытачы маглі выбіраць паміж рознымі вайбамі і раёнамі горада.

Гайд па Кракаве. Фота: аўтары.

Пры гэтым не ўсе знакавыя месцы Кракава трапілі ў гайд. Самы паказальны прыклад – бар Eszeweria. Ужо некалькі месяцаў ідзе барацьба за будынак, дзе ён знаходзіцца: дэвелапер хоча перабудаваць яго ў гатэль. Бар ужо двойчы абвяшчаў пра закрыццё, таму аўтары вырашылі не ўключаць яго ў гайд, каб ён не страціў актуальнасць праз некалькі месяцаў.

Разам з тым у выданні ёсць і менш вядомыя месцы. Напрыклад, кавярня Nowa Prowincja у Старым горадзе, дзе ў 2000-х рэгулярна бывалі нобелеўскія лаўрэаты Віслава Шымборская і Чэслаў Мілаш.

Хэндмэйд-паштоўкі ад дызайнеркі Аляксандры, зробленыя ў тэхніцы лінагравюры. Іх можна атрымаць у падарунак да гайда. Фота: аўтары.

Адной з галоўных асаблівасцей гайда сталі інтэрактыўныя элементы: бінга, красворд і іншыя заданні, таму што беларусы хацелі стварыць не проста кнігу, а своеасаблівы «працоўны сшытак», з якім можна ўзаемадзейнічаць.

«Я хачу, каб мы ўсе больш рабілі штосьці рукамі і менш лезлі ў тэлефон (гэта ў першую чаргу патрэбна і мне самому). Я таму ўжо некалькі гадоў вяду to-do list у спецыяльным сшытку замест лічбавых прадуктаў. І перанёс гэту ідэю на гайд. Цяпер глядзім, якія інтэрактывы спадабаюцца людзям, а ад якіх можна адмовіцца ў будучых прадуктах», – кажа Глеб.

Менавіта таму ён настойваў на друкаваным фармаце. Пры гэтым для пакупнікоў дадалі і QR-код з доступам да лічбавай версіі.

Для каго гэты гайд?

Глеб кажа, што яны імкнуліся зрабіць гайд карысным і для турыстаў, і для беларусаў, якія ўжо жывуць у Кракаве.

Пакуль каля 80% продажаў прыйшлося менавіта на жыхароў Кракава. У той жа час гайд прапануюць і як падарунак для сяброў з іншых гарадоў, каб заахвоціць іх прыехаць у гэты горад.

Найчасцей, як кажа Глеб, людзі дзякуюць за тое, што гайд выйшаў менавіта па-беларуску. Таксама шмат станоўчых водгукаў атрымала само візуальнае афармленне.

Цяпер каманда збірае зваротную сувязь, каб вырашыць, ці спатрэбіцца абнаўленне выдання ў 2027 годзе. Але сам Глеб прызнаецца, што яго больш цікавяць новыя праекты, над якімі ён спадзяецца пачаць працу ўжо гэтай восенню.

Гайд каштуе 55 злотых (каля 41,53 руб.). У якасці бонусу аўтары дадаюць хэндмэйд-паштоўку, якую дызайнерка Аляксандра зрабіла ў тэхніцы лінагравюры. Набыць гайд можна тут. Таксама пры яго набыцці можна па жаданні дакупіць дзве паштоўкі, якія падрыхтавалі аўтары.

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

#Беларусь
поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter