Выдавецтва «***шкевіч» (беларускія сілавікі называюць яго «экстрэмісцкім») днямі анансавала выхад на беларускай мове рамана Рэя Брэдбэры «451 градус паводле Фарэнгейта». Кнігу ўжо можна загадаць.
Раман расказвае пра будучыню, дзе кнігі забаронены, а спецыяльныя «пажарныя» займаюцца тым, што спальваюць іх. Галоўны герой таксама працуе пажарнікам, але з цягам часу пачынае сумнявацца ў тым, што робіць.
Продаж кнігі стартуе ў 30 верасня 2026 года. Ужо зараз яе можна замовіць за 54,90 зл. (каля 44 руб.). Пераклад з ангельскай зрабіла Наста Карнацкая.
У сакавіку 2026 года кааліцыю выдавецтваў, у якую ўваходзіць «Янушкевіч», беларускія ўлады ўнеслі ў спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў». Праз гэта заказваць кнігі выдавецтва з Беларусі можа быць небяспечна. Пры гэтым набыць кнігу без абмежаванняў змогуць чытачы, якія жывуць за мяжою.
Фармальна ўлады ў Беларусі дадаюць людзей і розныя ініцыятывы ў спіс «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў», каб змагацца з «распальваннем варожасці» ці «пагрозай нацыянальнай бяспекі». Але на справе, як лічаць праваабаронцы, дык сілавікі пасля падзеяў 2020 года запалохваюць, маргіналізуюць і караюць людзей, розныя ініцыятывы, грамадскія арганізацыі і партыі, якія маюць адрозныя ад рэжыму Лукашэнкі грамадска-палітычныя погляды.
Гэта ўжо другая кніга Рэя Брэдбэры, якая выйшла на беларускай мове ў гэтым выдавецтве за апошні час. Раней, у 2026 годзе, «***шкевіч» выпусціў раман «Віно з дзьмухаўцоў».
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
















