У пятніцу ў Іўі прайшло маштабнае свята, прысвечанае памідорам. Фестываль «Іўеўскі памідор» ладзяць ужо дзевяць гадоў, але сёлета мерапрыемства выклікала спрэчкі сярод беларусаў. CityDog.io расказвае, што здарылася.
Свята памідора ў Іўі правялі з размахам: арганізавалі шэсце пад назвай "Ураджайны трыумф", прадэгуставалі вялікі таматавы бутэрброд і арганізавалі агароднінную бітву.
Некаторыя беларусы вырашылі не прапускаць такое шоу і адправіліся ў Іўе. Праўда, задаволенымі засталіся не ўсе – адных расчаравала невялікая колькасць памідораў, іншых абурыла стаўленне да ежы.
Праблема №1: было мала памідораў
«Іўеўскі памідор, а дзе памідоры?» — пацікавіўся ў Threads Аляксандр. Беларус меркаваў, што на тэматычным свяце пабачыць шмат таматаў — у выніку, па словах Аляксандра, на фэсце было «тры намёты, якія прадавалі звычайныя памідоры і адна кропка, якая раздавала бульбу з леча».
«А можна было б карміць усіх памідорамі, салатай, паіць таматавым сокам і крывавай мэры і шмат чым яшчэ. Увогуле – расчараванне», – падсумаваў беларус.

Фота: @sansanychpr, Threads.com.
У адказ беларуска Надзея напісала, што патэнцыял у феста вялікі – святу проста «не хапае таленавітых крыэтараў», якія б дапамаглі ў яго разціцці.
Праблема №2: ці можна так ставіцца да ежы?
У сацсетках адразу некалькі беларусаў абурыліся тым, што адбывалася на фестывалі – не спадабаліся актыўнасці з кіданнем ежы.
«Кадры з “Іўеўскага памідора”, дзе ежу ператвараюць у кашу дзеля забавы, выклікаюць толькі адно пытанне. Навошта? Нашы продкі пасля вайны выжывалі толькі дзякуючы агародам, і нас з дзяцінства вучылі паважаць хлеб і чужую працу. На фоне гэтай памяці знішчэнне тон гародніны дзеля весялосці выглядае як грэбаванне і здзек з ежы. Шчыра, нейкія дзіўныя эмоцыі ўнутры…», – напісала карыстальніца пад нікам silv04ka.


Фота: @daria.ver, Threads.com.
Меркаванні пад пастом беларускі падзяліліся. Адны падтрымалі думкі жанчыны і адзначылі, што гэтыя памідоры можна было выкарастаць для дэгустацыі. Іншыя палічылі, што не варта прывіваць людзям пачуццё віны. І, маўляў, таматная бітва ў Іўе – «мясцовы адказ іспанскай “Тамаціне”».
Але засталіся і задаволеныя: вось што кажуць пра фэст
Акрамя негатыўных каментароў у дачыненні да Іўеўскага фэста, у сацсетках сустракаюцца і станоўчыя водгукі. Людзі рады таму, што ў горадзе праводзяць такое вялікае свята.
На думку Яўгена, свята «араганізавалі на высокім узроўні», таксама там было шмат цікавых лакацый.


Фота: @padarojniki.by, Threads.com.
Віталій таксама падзяліўся здымкамі са свята і напісаў, што «Іўе – таматная сталіца Беларусі. Таматная кома забяспечана».


Фота: @v.rybalka, Threads.com.
«Каб убачыць памідорныя бітвы, не трэба ехаць у Іспанію!» – лічыць беларуска Інна.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.












