Беларус alex_uhalnikau шостага жніўня апублікаваў у сацсетках здымкі вусця ракі Гарынь, дзе яна ўпадае ў Прыпяць. Паводле яго слоў, крытычна нізкі ўзровень вады адначасова шкодзіць падводнаму свету і адкрывае незвычайныя пясчаныя косы, якія звычайна схаваныя пад вадой.
У апошнія дні Беларусь накрыла новая хваля анамальнай спёкі. Тэмпература паветра ў некаторых рэгіёнах набліжаецца да 40 градусаў, што ўплывае і на ўзровень вады ў рэках.
Падобная сітуацыя назіраецца і ў іншых краінах Еўропы. З-за рэкорднай спёкі ўзровень вады ў Дунаі знізіўся да мінімальных паказчыкаў за апошнія 30 гадоў. Гэта не толькі ўскладніла суднаходства, але і паўплывала на працу як мінімум дзвюх атамных электрастанцый – у Венгрыі і Румыніі.

Дунай. Фота: Tsn.ua.
У некаторых месцах абмяленне рэк прывяло і да нечаканых знаходак. Так, у Балгарыі навукоўцы выявілі косткі мамантаў, якія раней знаходзіліся пад вадой, а ў Сербіі з Дуная паказаліся абломкі некалькіх нямецкіх ваенных караблёў, затопленых у 1944 годзе падчас Другой сусветнай вайны.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
















